Новости Могилева
Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! вітае рэгіёны!
Трэці фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! сёлета звяртае асаблівую ўвагу на ўдзельнікаў з рэгіёнаў. Аргкамітэт фестывалю лічыць, што рэгіёны Беларусі маюць значны крэатыўны патэнцыял, які можа выявіцца ў межах намінацыяў і конкурсаў фестывалю.
Пасля заканчэння мінулагодняга фестывалю з боку ўдзельнікаў, прадстаўнікоў СМІ і ўсіх, хто сочыць за фестывалем, было шмат пытанняў наконт геаграфічнага складу ўдзельнікаў.
Таму, каб ведаць, які рэгіён найбольш крэатыўны, сёлета былі ўнесеныя змены ў рэгістрацыйныя формы фестывалю. Цяпер кожны ўдзельнік падчас рэгістрацыі мае адзначыць месца свайго жыхарства ў полі «Адрас». Таксама падчас рэгістрацыі работы трэба абавязкова паказаць «Горад» у адпаведным полі.
Па заканчэнні прыёму работ аргкамітэт прааналізуе гэтыя звесткі і вызначыць, які ж горад ці рэгіён можа пахваліцца найбольш творчымі рэкламістамі.
- Беларусь – гэта не толькі Мінск. І наш фестываль арыентаваны на ўдзельнікаў з усёй краіны. Мяркуем, што рэкламісты і крэатары з абласных і раённых цэнтраў могуць прапанаваць грамадству надзвычай цікавы рэкламна-камунікацыйны прадукт, – адзначыў кіраўнік рэсурсу Marketing.by, аднаго з суарганізатараў фестывалю AD.NAK!, Сяргей Скараход.
Сябры аргкамітэта летась наведалі з прэзентацыямі фестывалю Гродна, Магілёў і Брэст, а 30 траўня фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! завітае ў Гомель.
- Рэгіянальныя візіты і жывыя дыскусіі значна пашырылі разуменне сітуацыі з рэкламай у краіне. Рэгіёны і сапраўды не сталіца, і кожны з іх мае свой непаўторны каларыт ва ўсім: у лакальных традыцыях, у звычках і ў рэаліях. Мы прэзентавалі найлепшае з напрацаванага фестывалем за першыя два гады, і пытанні, якія мы атрымліваем цяпер з розных частак краіны, даюць добрую падставу разлічваць на тое, што сёлета фестывальная праграма стане сапраўдным трылерам, – дадае Ніна Шыдлоўская, адзін з каардынатараў кампаніі «Будзьма беларусамі!».
Нагадаем, што фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! у трэці раз расчыніў свае дзверы для ўдзельнікаў конкурснай праграмы 27 красавіка і пачаў прыём работ да ўдзелу ў намінацыях і конкурсах фестывалю.
Дэдлайн прыёму працаў – 11 чэрвеня. Удзел у Фестывалі БЯСПЛАТНЫ. Кульмінацыяй фестывалю стане Вялікі фестывальны дзень, які пройдзе 5 ліпеня. Адукацыйная праграма фестывалю будзе складацца з серыі майстар-класаў беларускіх і замежных прафесіяналаў у галіне рэкламы, а завершыцца дзень цырымоніяй узнагароджання пераможцаў.Пра фестываль
Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! – гэта пляцоўка, якая аб’ядноўвае найбольш актыўную і перадавую частку прафесійнай рэкламна-камунікацыйнай супольнасці, каб звярнуць увагу і зацікавіць іншых удзельнікаў рынку, а таксама беларускага грамадства рабіць рэкламу і ствараць камунікацыю на беларускай мове. Сёлета мерапрыемства праходзіць ўжо трэці раз.
Галоўная мэта фестывалю ў 2012 годзе – даць новы штуршок у развіцці рэкламна-камунікацыйнага рынку Беларусі. Фестываль дазволіць па-іншаму паглядзець на свае брэнды і на свайго спажыўца, па-іншаму зірнуць на формы і сродкі камунікацыі брэндаў з пакупнікамі і запаліць больш агню ў вачах рэкламістаў, каб убачыць больш яркіх і сучасных праектаў у розных кірунках і формах масавай камунікацыі.
Ідэя фестывалю належыць агульнанацыянальнай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», якая стварае і падтрымлівае мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё беларускай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.
Арганізацыйны партнёр фестывалю – спецыялізаваны інтэрнэт-рэсурс Marketing.by.