Новости Могилева
Книжному магазину подарили письменный стол Владимира Короткевича
Кнігарні “логвінаЎ” (Незалежнасці 37а) падарылі легендарны пісьмовы стол, за якім Уладзімір Караткевіч напісаў “Каласы пад сярпом тваім” і “Чорны замак Альшанскі”. І гэта выдатная нагода для літаратурнага фестывалю! Цэлы лістапад раз на тыдзень у кнігарні “логвінаЎ” і галерэі “Ў” будуць адбывацца літаратурныя, музычныя і мастацкія імпрэзы, прысвечаныя Уладзіміру Караткевічу, з удзелам паэтаў, спевакоў і мастакоў. На кожнай імпрэзе фестывалю самых актыўных чакаюць “лятучыя” прэзенты ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Расклад імпрэзаў фестывалю “Лятучы стол Караткевіча”
6 лістапада. Кнігарня “логвінаЎ”
19.00 - Сакрэты зайцаў-півавараў
Зусім неафіцыйнае, але, тым не менш, дужа ўрачыстае адкрыццё фестывалю “Лятучы стол Караткевіча”. Пра свайго Караткевіча раскажуць Адам Глобус, Уладзімір Арлоў, Кася Камоцкая, Анатоль Івашчанка і Антон Рудак. Чакаюцца нечаканыя госці. Вядоўца – Андрэй Хадановіч. Арганізатары – кнігарня “логвінаЎ” і кампанія “Будзьма беларусамі!”
9 лістапада. Кнігарня “логвінаЎ”
14.00 - Дзікае маляванне
Другое мерапрыемства фестывалю “Лятучы стол Караткевіча” – прэзентацыя дзіцячага комікса Адама Глобуса “Дзікае паляванне і кароль Стах”. Малявальны майстар-клас для дзетак правядзе мастачка Наталля Гарачая. Дзеткі і дарослыя, прыходзьце – будзем маляваць!
Арганізатары – кнігарня “логвінаЎ” і кампанія “Будзьма беларусамі!”
12 лістапада. Галерэя “Ў”
19.00 - Скрыпка дрыгвы
На трэцяй імпрэзе фестывалю “Лятучы стол Караткевіча” Зміцер Вайцюшкевіч сыграе свае песні на вершы Караткевіча з альбома “Беларуская песня”. Арганізатары – кнігарня “логвінаЎ” і кампанія “Будзьма беларусамі!”
19 лістапада. Кнігарня “логвінаЎ”
19.00 - Karatkievič international
Чарговая імпрэза фестывалю “Лятучы стол Караткевічча”, прысвечаная перакладам твораў Караткевіча на замежныя мовы. Прэзентацыя польскага перакладу рамана “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” з удзелам перакладчыцы Малгажаты Бухалік. А таксама аповед пра легендарнага нямецкага перакладчыка Норберта Рандаў (1929–2013). Вядоўца – Андрэй Хадановіч. Арганізатары – кнігарня “логвінаЎ” і кампанія “Будзьма беларусамі!”
26 лістапада. Кнігарня “логвінаЎ”
19.00 - Быў. Ёсць. Буду.
У дзень народзінаў класіка выдавецтва “Мастацкая літаратура” на заключнай імпрэзе фестывалю “Лятучы стол Караткевіча” прадставіць публіцы першыя чатыры тамы поўнага збору твораў Уладзіміра Караткевіча. Выступоўцы – Віктар Шніп, Анатоль Верабей, нашчадкі пісьменніка. Арганізатары – кнігарня “логвінаЎ” і кампанія “Будзьма беларусамі!”
Уваход на ўсе імпрэзы – вольны. Сядзенне за легендарным сталом – дармавое. Лятучыя прэзенты – на падлёце. Катапультуйцеся да нас!