Новости Могилева
Першая беларуская азбука для iPad
Першая беларуская азбука для платформы IOS даступна для спампоўвання. Дадатак быў створаны супольна камандамі грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і выдавецтва Kinderfox пад кіраўніцтвам аўтара ідэі Андрэя Залатара. Буквар “Родная азбука” з’яўляецца першай беларускай азбукай для iPad, ён адаптаваны для ўсіх гаджэтаў лінейкі iPad.
Каментуе каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” і кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская: “Беларуская мова, як любая іншая сучасная мова, увесь час мае адказваць на выклікі індустрыяльнага грамадства, быць сучаснай не толькі на паперы і ў гучных закліках. Менавіта таму для рэалізацыі такога праекта быў выбраны самы трэндавы дэвайс. Пытанне адукацыі на роднай мове стаіць у Беларусі востра, але яшчэ вастрэйшае яно для сем'яў беларускіх эмігрантаў. Цяпер жыхары метраполіі і дыяспар атрымалі добры дапаможнік для навучання сваіх дзетак, змест якога адпавядае памкненням бацькоў, а форма — патрэбам дзяцей”.
Створаны з выкарыстаннем прафесійнай інтэрактыўнай анімацыі дадатак мае некалькі персанажаў на выбар. Адмыслова для іх буквар быў агучаны прафесійнымі акцёрамі, Ганнай Хітрык і Паўлам Харланчуком, якія прачыталі літары беларускага алфавіту, а таксама простыя вершы, якія дапамогуць іх запомніць. Каб захаваць успрыняцце мовы як сямейнай, ёсць магчымасць запісаць голас бацькоў. Музыку для праекта напісаў і выканаў лідар гурту “Палац” Алег Хаменка, аўтар вершаў — Кастусь Севярынец.
Кіраўнік групы распрацоўшчыкаў Андрэй Залатар дапаўняе калегу па праекце: “Істотным і важным для нас было знайсці партнёра, які б дапамог крэатыўна і арганізацыйна ў стварэнні азбукі, і мы рады, як хутка ў выніку спрацавала каманда і якім атрымаўся прадукт. Ёсць вялікае спадзяванне, што знойдуцца і праграмісты, якія змогуць адаптаваць такі важны дадатак і для Android, бо Ipad карыстаюцца далёка не ўсе. Нечакана для нас саміх прадукт хутчэй, чым звычайна, атрымаў approve ад Applestore — думаю, гэта добры знак. Добры знак для роднай мовы і для нас усіх”.
Каманда Андрэя Залатара не так даўно прадставіла бясплатны дадатак пра гістарычную спадчыну Беларусі ”Беларусь HD: Унікальныя фотаздымкі і 360º панарамы найлепшых мясцінаў Беларусі“. Грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!” з 2008 года займаецца падтрымкай культурніцкіх ініцыятываў, скіраваных на ўзмацненне самаідэнтыфікацыі беларусаў, сярод якіх — камунікацыйная праграма “Краіна Цмокаў”, аднайменная анімацыя “Будзьма беларусамі!”, штогадовы Фестываль беларускай рэкламы “Ad.nak!” і іншыя.
У планах распрацоўшчыкаў — пошук партнёраў для стварэння Android-версіі дадатку і рэалізацыя серыі казак у форме дадаткаў на платформе IOS.