Новости Могилева
15 лістапада ў Магілёве адбудзецца "Кірмаш праектаў"
Новы “Кірмаш праектаў” у межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” у Магілёве адбудзецца 15 лістапада і, між тым, з нечаканай нагоды: замест прапановаў для горада будуць прадстаўленыя ідэі для паляпшэння культурніцкага жыцця “глыбінкі”.
За год у статусе культурніцкай сталіцы Магілёў папрыгажэў і пасталеў, ды так, што зараз па-бацькоўску бярэ на сябе клопат аб актуальнай для вобласці і краіны (не толькі нашай, але і любой іншай) тэме: як цікава і сучасна перадаваць новым пакаленням народныя культурныя традыцыі? На разважанні натхнілі праекты, прапанаваныя аўтарамі з гарадоў Крычава і Чэрыкава, але тэма куды больш шырокая і глыбокая. Тут схаваны адзін з парадоксаў у жыцці і мысленні сучасных беларусаў: з аднаго боку, лічыцца, што правінцыя грае выключна важную ролю ў захаванні культурніцкай спадчыны народа, з іншага - колькі людзей у невялікіх гарадах і вёсках размаўляюць на чыстай беларускай мове, якія легенды ці гістарычныя звесткі пра сваю мясцовасць ведаюць, ці пазнаюць на вуліцы рэдкіх выбітных майстроў-рамеснікаў і інш.? Ці трэба гэта наогул? Калі так, то каму, акрамя тых, хто займаецца беларускай культурай “па абавязку службы”, то бок прафесійна? Якія практычныя інструменты трансфармацыі “спрадвечна беларускага” ў “актуальнае беларускае” можна прапанаваць культурніцкім мэнэджарам? Як з проста зацікаўленага актывіста ў сферы культуры зрабіць прафесіянала?
Гэтыя і многія іншыя пытанні будуць цэнтральнымі для “Кірмаша праектаў”, які пройдзе 15 лістапада па адрасе: “Тэхнапарк”, вул. Ленінская, 63; ауд. 806-807 у 18:00.
У абмеркаванні возьмуць удзел некалькі знаных і паважаных культурніцкіх дзеячаў краіны, якія ўжо знайшлі свае рашэнні ў дадзенай сітуацыі.
Уваход вольны.